Подождите, идет загрузка...

Крытык Алег Клімаў паабяцаў публічна з'есці ўсе свае рэцэнзіі на J:Морс

22.09.2010 / "Еврорадио" / статья /

Калі новы альбом гурта будзе такім жа, як і першы сінгл.

Днямі гурт "J:Морс" выклаў у Інтэрэнт песню "Мамонов" з новага альбома. Гэта кампазіцыя выклікала шмат размоў у калямузычнай тусоўцы. Да прыкладу, былы рэдактар "Музычнай газеты" Алег Клімаў, які ўвесь час выказваўся крайне негатыўна пра творчасць гурта, пасля праслухоўвання песні, раптоўна змяніў свой пункт гледжання.

Алег Клімаў: "Спадабалася мне па гучанні. Гэта сапраўдны яскравы, моцны, прамы рок-н-рольны драйв. Па тэксце, мне падаецца, гэта адзін з лепшых за ўсю гісторыю "J:Морс". Адзінае, што мне не спадабалася і з-за чаго морсы заўсёды пакутавалі – гэта калі вельмі бравы куплет, чакаеш, што і прыпеў падхопіць яго. Але не, не здарылася і гэтым разам. Але агулам, калі такім будзе і цэлы альбом, то я з задавальненнем з'ем усе свае папярэднія рэцэнзіі, напісаныя на гэты ансамбль, прычым пры людзях".

Музычны крытык Таццяна Заміроўская адзначае, што ў "морсаў" даўно назіраецца творчы крызіс, і гэта песня можа стаць другім дыханнем гурта:

Таццяна Заміроўская: "Нягледзячы, што вельмі класная агульная мелодыка, прыпеў атрымаўся меладычна дурнавасценькім, бо там хочацца якіх-небудзь больш актыўных пераходаў, скачкоў якіх-небудзь. Я ўжо даўно зразумела, што ў "J:Морс" творчы крызіс, бо вельмі аднастайнымі становяцца аранжыроўкі. Па гэтай песні мне падалося, што яны жадаюць сваё другое дыханне, якое абавязкова мусіла ў іх адкрыцца, накіраваць туды, куды і гурт "Би-2" альбомам "Молоко", трохі змяніўшы стыль".

Цікава, што музычны журналіст "СБ - Беларусь Сегодня" Валік Пепеляеў, разважаючы пра новую песню "J:Морс", таксама прыгадаў "Би-2":

Валік Пепеляў: "З аднаго боку, зразумела, прыемна, што Ўладзімір Пугач спрабуе знайсці нейкія новыя гарманічныя і меладычныя хады, але мне падаецца, што кожны чалавек, які арыентуецца ў сучаснай музыцы, не можа не заўважыць, што песня неяк падазрона нагадвае хіт "Дурочка" гурта "Би-2". Урэшце, можа і не трэба чапляцца, бо калі такія песні як "Дурочка" здольныя натхняць нашых музыкаў на новыя хіты, можа ўсё не так і дрэнна".

І толькі прадзюсар гурта "Ляпіс Трубяцкой" Яўген Калмыкоў не заўважыў у новай песні "J:Морс" ні плагіяту, ні хібаў у аранжыроўцы. Праўда, ён шчыра здзівіўся тэксту кампазіцыі.

Яўген Калмыкоў: "Артыст - гэта вобраз. Ёсць пэўны вобраз лідара гурта  "J:Морс", і з яго вуснаў чуць пра Мамонава, для мяне вельмі дзіўна. Увогуле, з яго вуснаў больш лагічна чуць песні пра якое-небудзь неўзаемнае каханне, ці пра спелыя пачуцці... Тым не менш, я парадаваўся і песня мяне парадавала з усіх бакоў".

А вось вядомы кампазітар Макс Алейнікаў ацаніў песню адразу з двух бакоў і ацэнка атрымалася супрацьлеглай.

Макс Алейнікаў: "З пункту гледжання кампазітара, гэтая песня не лепшая ў Пугача. А з пункту гледжання прадзюсера і чалавека, які ўмее рабіць аранжыроўкі, гэтая песня мне хутчэй падабаецца. Я і сам зараз раблю нешта падобнае."